31 марта 2016 г.

Нiл Гiлевич - апошнi з

Памяці апошняга Народнага паэта Беларусі ...


У Мінску на 85-м годзе жыцця памёр Народны паэт Беларусі Ніл Сымонавiч Гілевіч. Ніл Гілевіч быў апошнім з паэтаў, якія насілі званне Народнага. Яно прысуджалася за асаблівы ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры і стварэнне выдатных твораў.
.
Гэтага звання былі ўдастоены 8 паэтаў: Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.
.
— Галоўная задача — не дапусціць, каб наша мова і далей гінула так, як яна гіне цяпер. Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні.
.
— Калі не зменіцца ў нас культурная палітыка, не зменяцца адносіны да літаратуры, да культуры, да беларускай мовы, нічога добрага нас не чакае. Свіней можна праз год нагадаваць ізноў. Ураджай можна павысіць. Машынаў можна нарабіць больш сучасных. Але калі загіне мова — канец. Разумныя людзі, асабліва інтэлігенцыя і тыя, якія маюць уладу ў краіне, павінны гэта разумець. Але пакуль не разумеюць. І гэта мой самы вялікі клопат і боль.
.
— Увесь час, як толькі мы пачыналі набіраць глыбокае дыханне, нас білі па галаве і асаджвалі, заганяючы ў становішча рабоў. Згадайма 20-я гады — які ўзлёт беларускага духу быў! Што адбывалася! Колькі цягнулася? 6−7 гадоў. А колькі паспелі зрабіць, якая літаратура вырасла! Было 5 пісьменнікаў, а стала 105! Ды якія таленты! І што? Адразу — па галаве. У гады вайны, у час акупацыі, нібыта павярнулася трошкі да лепшага ў Маскве, з’явілася ўвага да нацыянальнага пытання. Ясна чаму, бо трэба было, каб беларусы, якія тут засталіся, не пайшлі на згоду з акупантамі, не сталі калабарантамі. Таму — калі ласка. Імем Каліноўскага нават партызанскія атрады называліся. І колькі такая палітыка пратрымалася пасля вайны? Некалькі гадоў. У пачатку 50-х зноў пачалі гакаць і біць. І зноў - па галаве, па галаве. А вазьміце нядаўнія 90-я. Ізноў - які ўздым быў! Колькі цягнуўся? Тры-чатыры гады… Наш народ гатовы жыць у сваёй краіне, сваім ладам-парадкам, толькі трэба па-Боску паставіцца да яго памкненняў.
.
— Гэта, дарэчы, непадзельнае: няма праўды — няма свабоды. Доўгія стагоддзі забівалі ў народзе ўсё, што можна было забіць. Але ж не забілі дарэшты. Тое, што народ сёння не бярэ зброю ў рукі і не змагаецца — нічога. Беларускі народ і ў маўчанні вялікі. Прыйдзе пара, і вырашальнае слова будзе сказана.
.
— Я катэгарычна супраць трасянкі. Яна — пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускае мовы. Спачатку, як у базарных бабаў, цераз адно слова — трасянка, а потым замест трасянкі - расейская мова. Вось і ўсё. Трасянка — з’ява пачварная, іншай ацэнкі быць не можа.
.
— Што выходзіць велічэзная колькасць кніжак маладых, мяне вельмі цешыць. Не важна, што яны ўсе не на тым узроўні, на якім хацелася б бачыць. Так было ва ўсе часы. Ёсць таленавітыя, ёсць вельмі таленавітыя, ёсць, дай Божа, геніі. І ёсць слабейшыя, але не безнайдзейныя. Нешта карыснае могуць рабіць — хай робяць! Калі трапляецца зусім пустое графаманства — што ж з таго, гэтак і сто гадоў таму было. Ну, добра, вось шэсць, дзесяць, сто кніжак. Але нават калі палавіна будзе вартая ўвагі - і тое дзякуй Богу.
.

З інтэрв'ю Ніла Гілевіча «Радыё Свабода» і Саюзу беларускіх пісьменнікаў


Шкада, што за мінулую чвэрць стагоддзя дзяржава прапанавала ўсе магчымыя намаганні да таго, каб такіх як Ніл Гілевіч не было больш на беларускай зямлі. Паэты, мастакі, пісьменнікі і проста - людзі не абыякавыя да сваёй культуры выстаўляліся ворагамі не толькі ўлады, але і ўсяго беларускага народу. Але што ёсць народ без культуры, мовы і гісторыі? Народ на абочыне.

Ён шмат чаго зрабіў для беларускай культуры і я ведаю, што яго працы застануцца ў стагоддзях у адрозненні ад усiх тых, хто яму супрацьстаяў, тых хто гэта падтрымліваў і тым больш тых, з чыей маўклівай згоды праводзілася знішчэнне беларускай культуры.

4 комментария:

Область комментариев